МІ́НСКАЕ ЛІТАРАТУ́РНА-АРТЫСТЫ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА,

грамадская літ.-маст. і асветніцкая арг-цыя ліберальна-дэмакр. кірунку. Існавала ў Мінску ў 1906—09. Створана членамі забароненага Мінскага таварыства аматараў прыгожых мастацтваў. Кіраўнікі: В.​Чавусаў, К.​Фальковіч, В.​Аляксандрава, А.​Аляксандраў, Д.​Мейчык, В.​Сушчынскі, К.​Урсыновіч і інш. Мела драм., літ., маст. і муз. секцыі. Аматары паставілі больш за 60 спектакляў, у т. л.: «Гора ад розуму» А.​Грыбаедава, «Вішнёвы сад», «Дзядзька Ваня» і «Іванаў» А.​Чэхава, «Плады асветы» Л.​Талстога і «Ганна Карэніна» паводле яго аднайм. рамана, «Ідыёт» паводле Ф.​Дастаеўскага, «Мар’я Іванаўна» і «Яўрэі» Я.​Чырыкава, «Рэвізор» М.​Гогаля і інш. Літ. секцыя т-ва арганізавала шэраг лекцый і літ. чытанняў: «Драматургія Ібсена» і «Морыс Метэрлінк» Ю.​Айхенвальда, «Маладая руская паэзія» і «Апошнія парасткі рускай паэзіі» Я.​Анічкава, «Талстой і Андрэеў: паралельная характарыстыка» У.​Самойлы, «Паходжанне права і яго сутнасць» Мейчыка, «Санін» М.​Арцыбашава» У.​Майстраха і інш. Маст. секцыя наладзіла 4-ю выстаўку жывапісу і графікі ў Мінску (1908). Муз. секцыя аб’ядноўвала каля 400 прафес. музыкантаў і аматараў, наладжвала лекцыі і канцэрты. Спыніла дзейнасць у выніку фін. банкруцтва.

У.​М.​Конан.

т. 10, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)